Беларуская Служба

Літаратурны семінар «Бязмежжа»: людзям, што любілі літаратуру, хацелася мець сустрэчы менавіта без межаў і падзелаў

18.12.2025 17:51
 Ідэя «Бязмежжа» застаецца нязменнай — гэта сустрэчы беларускіх пісьменнікаў і размова пра літаратуру.
Аўдыё
          .
Ідэя «Бязмежжа» — гэта сустрэчы беларускіх пісьменнікаў і размова пра літаратуру.Фота: Яраслаў Іванюк

Літаратурны семінар «Бязмежжа», з перапынкам на час пандэміі, ужо тры дзесяцігоддзі праводзіцца на Беласточчыне. Звычайна ў ім бралі ўдзел беларускія літаратары з Польшчы, якія пішуць па-беларуску, а таксама пісьменнікі з Беларусі. Цяпер сітуацыя змянілася — з Беларусі з'ехалі тысячы беларускіх творцаў. Таму на сёлетні семінар прыехалі літаратары, якія цяпер жывуць у Беластоку, Уроцлаве, Варшаве ці Вільні.

Першапачаткова, яшчэ ў 1990-я гады ХХ стагоддзя, семінар праводзіўся ў Гайнаўцы, аднак арганізатары і ўдзельнікі мелі патрэбу ў больш спакойным і засяроджаным месцы. Таму цягам многіх гадоў «Бязмежжа» адбывалася ў аграсядзібе ў пушчы.


Семінар «Бязмежжа». Семінар «Бязмежжа».

Месцам сустрэч на працягу апошніх двух гадоў з прычын, незалежных ад арганізатараў, быў Беласток. Аднак цяпер зноў вярнуліся да сустрэч у пушчы. Гэта вельмі важна — мець магчымасць засяродзіцца і спакойна паразмаўляць пра літаратуру, — адзначае арганізатар семінара, старшыня Праграмнай рады Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Яўген Вапа. Ён таксама падкрэслівае, што ідэя «Бязмежжа» застаецца нязменнай — гэта сустрэчы беларускіх пісьменнікаў і размова пра літаратуру.

Яўген Вапа: Я памятаю, як мы тады думалі пра «Бязмежжа» — я, Алег Латышонак, Мікола Ваўранюк. Калі разважалі пра гэта, фактычна насуперак абставінам, на дачы Алега Латышонка і нарадзілася ідэя «Бязмежжа». Хацелася мець па-свойму супольнасць, якая была б духоўным і культурным яднаннем. Нам, людзям, што любілі літаратуру, хацелася мець літаратурныя сустрэчы — без межаў. Другі важны момант быў у тым, што праз «Бязмежжа» мы тады атрымлівалі свежыя, «жывыя» кнігі, якія выходзілі, і маглі іх чытаць. І самае істотнае — калі мы ўжо ехалі ў Беларусь, то ехалі да сяброў з тымі ж самымі зацікаўленнямі: літаратурнымі, гістарычнымі. Усё гэта паступова фармавалася. Гадамі працягвалася супрацоўніцтва з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, найперш з Барысам Пятровічам, які кожны год стараўся прывезці нешта новае, нешта іншае. Таму былі пэўныя пастаянныя ўдзельнікі, але мы заўсёды імкнуліся, каб штогод з’яўляліся і новыя людзі.


Семінар «Бязмежжа». Семінар «Бязмежжа».

Для беларускіх аўтараў з Беласточчыны гэта была сапраўдная школа літаратуры — школа чытання, супольнага быцця з іншымі творцамі. Гэта таксама дапамагала расці, развівацца тым самым талентам.

Ціхан Чарнякевіч: Я не першы раз на «Бязмежжы». Першы раз быў акурат дзесяць гадоў таму, у 2015-м, здаецца, калі я сюды прыехаў як сябра Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў. Тады я якраз пачаў працаваць у Саюзе, і мы пад Новы год паехалі цудоўным бусам у кампаніі паэтаў, пісьменнікаў, бардаў на той адрас, які я дагэтуль памятаю. Тады гэта быў, у прынцыпе, галоўны івэнт, як цяпер кажуць, для літаратуры Падляшша: паказаць, што адбылося за год, якія выйшлі новыя кнігі, дакументальныя фільмы, перадачы, рэпартажы. Многія, прыязджаючы з Беларусі, упершыню знаёміліся з гэтымі рэдкімі кінакадрамі і кнігамі, бо ў Мінску іх было цяжка набыць, а тут іх можна было нават атрымаць у падарунак. Ну і, безумоўна, была магчымасць пагаварыць з людзьмі сам-насам — з аўтарамі, паэткамі, паэтамі. Гэта заўсёды было месцам сустрэчы літаратараў Падляшша і літаратараў з Беларусі.

Размаўляў Яраслаў Іванюк

Слухайце далучаны гукавы файл

Ідэя «Бязмежжа» — гэта сустрэчы беларускіх пісьменнікаў і размова пра літаратуру. Ідэя «Бязмежжа» — гэта сустрэчы беларускіх пісьменнікаў і размова пра літаратуру.
Ідэя «Бязмежжа» — гэта сустрэчы беларускіх пісьменнікаў і размова пра літаратуру. Ідэя «Бязмежжа» — гэта сустрэчы беларускіх пісьменнікаў і размова пра літаратуру.